ХІ́БНАСЦЬ ВЫМЯРЭ́ННЯ,

характарыстыка выніку вымярэння, якая паказвае адхіленне знойдзенага значэння велічыні ад яе сапраўднага значэння.

Адрозніваюць абсалютную Х.в. (выражаецца ў адзінках велічыні, якая вымяраецца) і адносную, роўную адносінам абсалютнай Х.в. да сапраўднага значэння велічыні (выражаецца ў долях адзінкі, працэнтах і г.д.). Сістэматычныя Х.в. абумоўлены пераважна хібнасцямі сродкаў вымярэнняў, выпадковыя — некантралюемымі зменамі ўмоў вымярэнняў, промахі (грубыя хібнасці, якія істотна адрозніваюцца ад чаканых) — няспраўнасцю сродкаў вымярэнняў. Выпадковыя Х.в. звычайна ацэньваюць метадамі матэм. статыстыкі (гл. Памылак тэорыя).

т. 17, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)